
Фердынанд Рушчыц – выбітны сын Ашмянскай зямлі.
У гэтым годзе 10 снежня будзе адзначацца 150 гадавіна з дня народжання Фердынанда Рушчыца, вялікага мастака – аднаго з найбольш выбітных польскіх жывапісцаў пачатку XX ст. Гэты юбілей будзе адзначацца пад эгідай UNESCO як супольны праэкт Польшчы і Беларусі.
Фердынанд Рушчыц, герба Ліс, нарадзіўся 10 снежня 1870 года ў маёнтку Багданаў, Вішнеўскай парафіі ў даўным Ашмянскім павеце на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ён быў польскім жывапісцам, графікам, чарцёжнікам, тэатральным дэкаратарам і педагогам. Маляваў, галоўным чынам, краявіды. Быў яскравым прадстаўніком мастацкага руху ў сымбалізме “Маладая Польшча”. З’яўляўся аўтарам ілюстрацыяў, віньетак, вокладак для кніг. Займаўся праэктаваннем, паміж іншым, плакатаў, экслібрысаў і паштовых марак. Пісаў і публікаваў таксама артыкулы аб забытках Віленшчыны.
“Род Рушчыцаў герба Ліс, як пісаў Эдвард Рушчыц (1915- 2003), сын Фердынанда, паходзіў з над Буга, дзе ўжо ў XV стагоддзі валодалі сямейным маёнткам Кодань, якія прадалі ў 1511 годзе Сапегам. У XV ст. радавым гняздом Рушчыцаў былі Збірогі ля ракі Мухавец, што знаходзіліся ў 5 міляў ад Кобрына. Збірогі гранічылі з Сехновічамі, адкуль паходзіў Тадэвуш Касцюшка. У 1564-1568 гадах Збірогі змянілі на Макраны, што ляжаць 50 км ад Кобрына.” Да канца XVIII стагоддзя продкі Фердынанда Рушчыца пражывалі ў Кобрынскім павеце.
“Прадзед Фердынанда, таксама Фердынанд Рушчыц (1786-1848), адвакат – піша далей Э. Рушчыц – у 1817-1829 гадах займаў пасаду паўнаважанага ардыната князя Радзівіла ў Радзівілаўскай Камісіі, у сувязі з гэтым часцей за ўсё знаходзіўся ў Вільні. У 1825 годзе ажаніўся з Ганнай з роду Чаховічаў (1800-1874), дачкой харунжага Свянцяньскага павету, атрымаўшы ў пасаг маёнтак Вайгяны ля Багданава Вішнеўскай парафіі ў Ашмянскім павеце. У 1836 годзе адвакат Фердынанд Рушчыц купіў на аўкцыёне маёнтак Багданава. З таго часу ён становіцца радавым гняздом сям’і Рушчыц.”
Фердынанд і Ганна Рушчыцы мелі трох сыноў: Эмануэля (1827-1905), Эдварда (1830-1910) i Maксымільяна (1841-1867). Усе браты былі выпуснікамі Корпусу Кадэтаў ў Берасце і выйшлі з расейскага войска ў званні капітана. Падчас падзелу маёмасці маёнтак Багданава быў аддадзены Эдварду, а маёнтак Вайгяны Эмануэлю. Пасля смерці Эмануэля ў 1905 годзе Вайгяны перайшлі да Эдварда Рушчыца, бацькі мастака.
Эдвард Рушчыц, калі быў у войску яшчэ ў званні лейтэнанта, 2 кастрычніка 1858 г. ажаніўся ў Ліпаве з Ганнай Маргеретай Альвінай Мюнх (1837-1918), дачкой датчаніна Маркуса Андэрса Мюнха (1803-1864), які быў шкіперам і уладальнікам гандлёвага карабля. Эдвард і Альвіна мелі чатыры дачкі: Марыю (1859-1863), Ганну (1861-1909), Адэліну (1863-1881) і Вольгу (1864-1944), а таксама аднаго сына Фердынанда, якія нарадзіўся ў 1870 годзе. Згодна з сямейнай рэлігійнай традыцыяй, дачок выховывалі ў евангелісцкай веры, а адзінага сына ахрасцілі ў Рыма-Каталіцкім касцёле.
Эдвард Рушчыц піша, што “пасля студзеньскага паўстання, праз немагчымыя ўмовы існавання падчас панавання Мураўёва, сям’я Рушчыцаў павінна былі пераехаць, здаўшы маёнтак Багданаў у арэнду.” Невядома, якія гэта былі “немагчымыя ўмовы існавання”, але Эдвард Рушчыц, бацька Фердынанда, верагодна за ўсё пасля паўстання знаходзіўся ў маёнтку Багданаў, паколькі менавіта там 10 снежня нарадзіўся будучы мастак.
“Пасля перасялення ў Лібаву – піша далей сын мастака Эдвард Рушчыц – дзед, а дакладна бацька мастака, атрымаў пасаду ў будаўнічай канторы Лібава-Роменскай чыгункі, а напрыканцы 70 гадоў XIX ст., пасля пераезду з жонкай, дачкамі і сынам Фердынандам ў Менск, стаў начальнікам рахункаводаў ва ўпраўленні будовы чыгункі. У Менску ў 1883-1890 гадах Фердынанд навучаўся ў дзяржаўнай мужчынскай гімназіі класічнага тыпу. Падчас свайго навучання ў гімназіі наведваў заняткі малявання. Яго выкладчыкам быў расіянін Кузьма Ермакоў, выхаванца Пецярбургскай Акадэміі Мастацтваў.”
Пасля заканчэння гімназіі ў 1890 годзе ў Менску з залатым медалём, Фердынанд увосень 1890 года, згодна з планамі свайго бацькі, паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага Ўніверсітэта. У наступным навучальным годзе, незалежна ад свайго навучання ва ўніверсітэце, быў залічаны ў якасці вольнага слухача на аддзялення жывапісу Пецярбургскай Акадэміі Мастацтваў. У 1892 годзе Фердынанд пакідае ўніверсітэт і працягвае навучанне ў Акадэміі Мастацтваў. Ён навучаўся спачатку пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна, а потым Архіпа Куінджы. Падчас свайго навучання Фердынанд Рушчыц арганізаваў для сябе некалькі мастацкіх вакацыйных падарожжаў, паміж іншым, у Крым. У 1896 годзе ўпершыню выехаў па-за межы Расійскай імперыі на востраў Руген і ў Швецыю. Першы раз наведаў Берлін. Быў таксама на дацкім востраве Борнхальм, дзе сустрэўся з сям’ёй сваёй маці датчанкі.
4 кастрычніка 1897 года Рушчыц скончыў Пецярбургскую Акадэмію Мастацтваў і атрымаў тытул мастака. Сын мастака ўспамінае, што “з дыпломнай выстаўкі, на якой былі прадстаўленая тры вялікія карціна: “Вячэрняя зорка”, “Трытоны” (паводле грэчаскай міфалогіі, кожная істота была са смешанай будовай – палова цела чалавека, а другая – рыбы – М.Я.) і “Вясна”, апошнюю карціну купіў да сваёй калекцыі купец Павел Траццякоў (1834 – 1898), заснавальнік Галерэі Мастацтваў у Маскве, сучаснай Траццякоўскай Галерэі. У 1898 іншы расейскі мецэнат і калекцыянер Сава Марозаў (1862-1905) купіў карціну “Зімовы млын”. Дзякуючы прададзеным карцінам, мастак у гэтым жа годзе меў магчымасць правесці два месяцы за мяжой. Ён наведаў Берлін, Дрэздэн, Мюнхен, Парыж, Астэнду, Брюсель, Базілію, Люцэрн, Мілан, Верону, Венецыю, Вену.”
1898-1904 гады мастак знаходзіўся ў сядзібе Багданава, куды пераехаў на пастаяннае пражыванне. У гэты час, паводле сведчанняў унука, таксама Эдварда Рушчыца, бацька Фердынанда спрычыняецца да росквіту гаспадаркі ў сямейным маёнтку. У гэты перыяд паўстаюць найлепшыя карціны мастака, якія прысвечаныя роднай зямлі: “Зямля” (1898), “Апошні Снег” (1898), “Крэва” (1898), “Балада” (1900), “Дажынкі” (1900), “Вечар. Вілейка” (1900), “З берагоў Вілейкі” (1900), “Пустэча” (1901), “Стары Дом” (1903), “Зімовая байка” (1904).
У першыя гады, пасля заканьчэння Акадэміі, Рушчыц падтрымліваў блізкія кантакты з А. Куінджы і сваімі даўнімі расейскімі калегамі. Тады нават удзельнічаў у вясенняй выстаўцы ў Пецярбургскай Акадэміі Мастацтваў у 1898-1900 гг., а таксама ўдзельнічаў па запрашэнню Сяргея Дзягілева ў выстаўцы “Свет Мастацтва” у 1899 і 1901 гадах у Пецярбургу. У 1899 на выстаўцы ў Вільні мастак упершыню паказаў дзесятак сваіх карцінаў, а ў снежні гэта ж года першы раз выставіў свае творы ў Таварыстве Прыгожых Мастацтваў “Захэнта”. Гэтае ж таварыства і набыло адну з ягоных карцін “Зямля”.”
У 1900 годзе на запрашэнне Таварыства Польскіх Мастакоў “Мастацтва” (“Sztuka”) Рушчыц узяў удзел ва юбілейнай выстаўцы з нагоды 500-годдзя Ягеллоньскага ўніверсітэту ў Кракаве, падчас якой пазнаёміўся з Станіславам Выспяньскім, Янам Станіслаўскім, Іосіфам Мехафферам і іншымі вядомымі польскімі мастакамі. У 1902 годзе Польская Акадэмія Ведаў у Кракаве прызнала Фэрдынанду ўзнагароду фундацыі Пробуса Барчеўскага за карціну “Лясны ручэй”. У 1903 годзе мастак арганізаваў у Вільні, у павільёне садоў Бернадынскага кляштара выставу Таварыства “Мастацтва”. Такім чынам, у Вільні ўпершыню выстаўляліся карціны такіх выбітных польскіх мастакоў як братоў Герымскіх, Хеўманьскага, Станіслаўскага, Выспяньскага.
Узімку 1903/1904 гадоў быў адным з ініцыятараў стварэння Школы Прыгожых Мастацтваў у Варшаве. У 1904 годзе Школа пачала дзейнічаць, яе дырэктарам стаў Казімір Стаброўскі, а прафесарамі былі Конрад Крыжаноўскі, Фердынанд Рушчыц, Кароль Ціхі і скульптар Ксаверый Дунікоўскі. Школа знаходзілася на скрыжаванні вуліц Вербавай і Трэмбацкай. Гэта быў варшаўскі перыяд жыцця і творчасці Фердынанда Рушчыца. У гэты час мастак стварае сваю выбітную карціну “Nec mergitur”.
У чэрвені 1907 года Рушчыц пераязджае з Варшавы ў Кракаў, дзе, летам таго ж года, яго выбіраюць кіраўніком Таварыства Польскіх Мастакоў “Мастацтва”. Да заканьчэння акадэмічнага года 1907/1908 мастак быў кіраўніком гэтак званай Спецыяльнай Школы Краязнаўства Акадэміі Мастацтваў у Кракаве, але інтрыгі ў Акадэміі і непаразуменні сярод мастакоў змушаюць Рушчыца выехаць з Кракава.
Напрыканцы 1908 года пераехаў з Кракава ў Вільню. Пражываў у раёне Зарэчча, на вуліцы Зарэчная 26, насупраць касцёла Святога Барталамея. У віленьскі перыяд мастак намаляваў некалькі вядомых карцін, такія як “Пакой бабулі”, “Камін”, “Пасля бала”, “Бледнае сонца”, “Гняздо”. Сваю дзейнасць у Вільне мастак распачаў у траўні 1909 года тэатральнай пастаноўкай “Лілі Венеды” у Польскім Тэатры Нуны Младзяеўскай. Рушчыц таксама стварыў 22 карцінаў-дэкарацыяў і пралог для пастаноўкі драматычнага спектакля Юльюша Славацкага. Пасля паказу “Лілі Венеды”, мастак ўдзельнічаў у яшчэ трох дабрачынных пастаноўках. У 1910 годзе – “Кірмаш” – фестываль ў Гарадской Залі (будынак сучаснай Літоўскай Філармоніі), у 1911 годзе – “Сны пра прыгожыя жывыя карціны”, а таксама ў 1912 годзе другі дабрачынны кірмаш пад назваю “У краіне казак і забавак”. Гэта пастаноўка была адрасаваная дзецям. У 1913 годзе Рушчыц стварыў дэкарацыі і эскізы касцюмаў для неарамантычнага драматычнага спектаклю Эдманда Растанда “Арлёнак”. У гэтым жа годзе мастак інсцэнаваў з уласным сценаром і дэкарацыямі Вечар паэзіі, прысвечаны А. Міцкевічу, З. Красіньскаму і С. Выспяньскаму. Віленьскія пастаноўкі Фердынанда Рушчыца вельмі праславіліся. Увесну 1914 года дырэктар адноўленнага Польскага Тэатру ў Варшаве – Арнольд Шыфман – даручыў яму арганізацыю пастаноўкі Юльюша Славацкага “Балладына”. Пастаноўка “Балладыны” у Варшаве апынулася вялікім трыўмфам Ф. Рушчыца.
Эдвард Рушчыц (сын мастака) піша, што “у 1909 годзе ў маёнтку Багданава памірае сястра Ганна Карфова, а год пазней у Вільне ягоны каханы бацька Эдвард. Пасля смерці бацькі, мастак мусіць пераняць на сябе абавязкі, звязаныя з сямейным маёнткам у Багданава. Мастак павіннен дзяліць свой час паміж Вільняй і Багданавам. У 1912 годзе 42-гадовы мастак знаёміцца са сваёй будучай жонкай – дваццацігадовай Гінай Рэуцкай, дачкой Аскара Рэуцкага, кіраўніка аддзялення Страхавога Таварыства, уладальніка Парудаміна пад Вільняй. Яны ўзялі шлюб 25 кастрычніка 1913 года ў невялікім касцёле пад вызваннем Святога Барталамея на Зарэччы ў Вільні. Першы год Першай Сусветнай вайны Рушчыц знаходзіўся пераважна ў Вільні. (…) Пасля нямецкай акупацыі горада – 18 верасня 1915 года і Багданава – 24 верасня 1915 года – аж да красавіка 1919 года мастак пражываў у сваім маёнтку Багданава.”
Далей Эдвард Рушчыц піша, што “напрыканцы снежня 1918 года ўся усходняя Віленшчына разам з Ашмяньскім паветам і Багданавам была акупавана Чырванай Арміяй, якая ўжо 5 студзеня 1919 года, пасля некалькі дзён баёў з польскімі аддзеламі Самаабароны, заняла таксама і Вільню. У перыяд бальшавіцкай акупацыі, які трываў амаль чатыры месяцы, мастак знаходзіўся ў Багданава, што ў тых ўмовах было сведчаннем ягонай асабістай адвагі. У сярэдзіне красавіка 1919 года, жадаючы зразумець рэчаіснасць, паехаў фурманкай у Вільню. У Тургелях ён сустрэў польскія аддзелы палкоўніка Ўладзіслава Беліны-Плажмоўскага, з якімі даехаў да горада і ў Вялікую Суботу 19 красавіка 1919 года быў сведкам вызвалення Вільна.”
У гэты час, пасля 90-гадовага маўчання, вельмі актуальнай стала справа адраджэння Віленьскай Вучэльні. Ужо напачатку траўня 1919 года Рушчыца прызначаюць чальцом Камітэта Адбудовы Віленскага Ўніверсітэта, а неўзабаве, Рэвіндыкацыйна-Арганізацыйная Камісія ўніверсытэту даручае мастаку стварэнне Аддзялення Прыгожых Мастацтваў, аднаго з шасці адноўленных аддзелаў універсытэту.”
28 жніўня 1919 года, Юзаф Пілсудскі прызначае Фердынанда Рушчыца адным з пяці чальцоў Акадэмічнага сената Ўніверсытэту Стэфана Баторыя. У верасні гэтага ж года Рушчыца прызначаюць прафесарам звычайным жывапісу Ўніверсытэту Стэфана Баторыя. 11 кастрычніка, пасля ўрачыстага адкрыцця Ўніверсытэта, Рушчыц арганізаваў урачысты вечар у Польскім Тэатры на Пагулянцы. У 1920 годзе, падчас бальшавіцкага наступу, далучаецца да Польскай Арміі ў Варшаве, але ўжо восенню гэта ж года, у якасці аднаго з першых прафесараў універсытэту, вяртаецца да Вільні, каб працягнуць перарванае ваеннымі дзеяннямі аднаўленне Аддзялення Прыгожых Мастацтваў Ўніверсытэту Стэфана Баторыя, паколькі быў прызначаны дэканам гэтага Аддзялення.
У 1921-1923 гадах ў Гарадской Залі, што знаходзілася па адрасу вул. Вастрабрамская 6, Фердынанд Рушчыц інсцэняваў паратэатральныя каларытныя пастаноўкі з удзелам шматлікіх студэнтаў Аддзялення Прыгожых Мастацтваў Ўніверсытэту. Запрашаў да супрацоўніцтва маладых віленьскіх паэтаў, жывапісцаў, архітэктараў і дэкаратараў. У міжваенны перыяд Рушчыц інсцэніраваў у прафесійных тэатрах две пастаноўкі – у 1924 годзе “Сід” П’ера Карнеля, а таксама ў 1930 годзе ў 100-вую гадавіну Лістападаўскага паўстання пастаноўку “Лістападаўская ноч” С. Выспяньскага, калі дырэктарам быў Аляксандр Зэльверовіч.
У 1921-1934 гадах Фердынанд Рушчыц пражываў на вуліцы Замкавая 24, кв. 8, у той самай кватэры, у якой жыў айчым Юльюша Славацкага, прафесар Аўгуст Бекю разам з сям’ёй. У верасні 1931 года “вялікім здарэннем для Рушчыца – як піша ягоны сын – было адкрыццё каралеўскіх пахаванняў у падзямеллі Віленьскага Катэдральнага Сабора. Мастаку было даручана дэкараванне Базылікі, каб падкрэсліць значнасць гэтай падзеі. У гэты час мастак стварыў каляровымі алоўкамі некалькі малюнкаў парэшткаў караля Аляксандра I і дзвюх жонак караля Зыгмунта Аўгуста, каралевы Эльжбеты і Барбары Радзівіл.”
Усе гэты разнастайныя ды плённыя формы дзейнасці, усе ролі, у якіх выступаў Рушчыц, былі павязаныя агульнай ніткай галоўнай ідэі, якая суправаджала ўсе ягоныя ўчынкі. Ф. Рушчыц быў настаўнікам, распаўсюджвальнікам, арганізатарам, аратарам, павадыром, аўтарам праектаў ва ўсіх галінах мастацтва, інсцэнізатарам ды выдаўцам.
Яго актыўная мастацкая, педагагічная ды грамадская дзейнасць падарвала ягонае здароўе. У свае 62 гады 22 кастрычніка 1934 г. Ф. Рушчыц страціў дар мовы, таксама анямела правая паралізаваная рука. Хаця яго стан пазней крыху палепшыўся, але мастак ніколі не вернуўся да поўнага здароўя. Ён быў вымушаны адмовіцца ад мастацкай, грамадскай ды ўніверсітэцкай дзейнасці. На пачатку 1935 г. вярнуўся у Багданава, дзе правёў апошнія два гады жыцця. Памёр у Багданаве 30 кастрычніка 1936 г., яму было 66 гадоў. Пахаваны гэтаксама ў Багданаве, дзе нягледзячы на вайну, змены ўладаў ды дзяржаваў, яго магіла захавалася дагэтуль. Ў Eнцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі Ф. Рушчыцу прысвечаны змястоўны артыкул.
Аўтар праф. Мечыслаў Яцкевіч, артыкул быў апублікаваны ў Часопісе Польскім нумары 12 (179) у 2020 годзе.