f

Зямля Фердынанда Рушчыца – карціны і малюнкі з фондаў Нацыянальнага музея ў Варшаве. Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака

Зямля Фердынанда Рушчыца – карціны і малюнкі з фондаў Нацыянальнага музея ў Варшаве. Да 150-годдзя з дня нараджэння мастака

Фердынанд Рушчыц, сын паляка Эдварда Рушчыца і датчанкі Альвіны Мунх, нарадзіўся ў 1870 годзе ў Багданаве, колішнім Ашмянскім павеце каля Вільні (цяпер гэта тэрыторыя Беларусі), атрымаў адукацыю ў Мінску і ў Імператарскай акадэміі выяўленчых мастацтваў у Санкт-Пецярбургу (1892-97), у майстэрнях Івана Шышкіна і Архіпа Куінджы, быў адным з самых выдатных мастакоў-пейзажыстаў на пераломе стагоддзяў, графікам і дэкаратарам, дзеячам культурнага жыцця ў Варшаве і Вільні, а таксама актыўным папулярызатарам аховы спадчыны на Віленшчыне. У Нацыянальным музеі ў Варшаве ёсць шмат яго вядомых карцін, малюнкаў і эскізаў. Некалькі з іх, такія як знакамітая “Зямля”, “Стары дом”, “Старыя яблыні” ці “Лясны ручай”, пастаянна выстаўляюцца ў залах мастацкай галерэi XIX стагоддзя. Яны захаваліся ў польскім уяўленні, нязменна выклікаючы захапленне творчым бачаннем мастака.

Фундаментальнае значэнне для фарміравання Рушчыца- мастака мела асяроддзе Санкт-Пецярбурга, куды на пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя прыехала на вучобу шмат палякаў з розных частак расійскага падзелу, сярод якіх быў Казімір Стаброўскі з Літвы, Конрад Кшыжаноўскі з Кіева, Элігіюш Невядомскі з Варшавы, Рушчыц з Мінска. На думку даследчыкаў, гэта была кароткачасовае, але значнае мастацкае аб’яднанне.

Вучоба Рушчыца супала з перыядам глыбокіх пераменаў у Пецярбургскай акадэміі, з момантам адыходу ад крытычнага рэалізму, прадстаўленага колам Перадвіжнікаў, і звяртаннем да лірычных і містычных настрояў, да сімвалізму. У гэтым важным расійскім мастацкім цэнтры ў той час наступіў перыяд росквіту пейзажу ў інтэрпрэтацыі Ісаака Левітана, Валянціна Сярова, Міхаіла Несцерава, Міхаіла Урубеля. Пад пільным наглядам Шышкіна Рушчыц удасканальваў тэхніку малявання, але менавіта Куінджы, якога ён цаніў і захапляўся (і той адказваў сімпатыяй таленавітаму вучню), прывіў яму глыбока эмацыянальнае, суб’ектыўнае разуменне пейзажу. Пад наглядам Куінджы мастак пачаў працу над конкурснымі карцінамі, якая была перапынена страйкам студэнтаў у 1897 г., выкліканую канфліктам паміж Конрадам Кжыжаноўскім і рэктарам Акадэміі. Потым Куінджы, які спачуваў студэнтам, быў звольнены з пасады прафесара.

Захад сонца ў Пецярбургу Рушчыц, Фердынанд (1870-1936) – графік

Многія з яго студэнтаў пакінулі Акадэмію ў знак салідарнасці, хаця большасць потым вярнулася. Выстава конкурсных работ у 1897 годзе, якая стала своеасаблівай маніфестацыяй фармацыі “куінджыстаў”, прынесла Рушчыцу пахвалу і цікавасць калекцыянераў (Павел Траццякоў тады набыў “Вясну”, гэта была ўжо другая па ліку праца мастака, якая ўвайшла ў яго калекцыю) . З гэтага ранняга творчага перыяду паходзіць карціна “Карчма пры дарозе” і шэраг іншых малюнкаў.

Няма ніякіх сумневаў, Фердынанд Рушчыц – гэта адзін з самых выдатных мастакоў-пейзажыстаў на пераломе стагоддзяў, мастак, які яскрава паказвае перамены, што адбыліся ў мастацтве еўрапейскіх мадэрністаў таго часу. Канец XIX стагоддзя быў перыядам творчай крышталізацыі многіх арыгінальных мастацкіх пазіцый і праграмаў новага мастацтва. Рушчыц захапляўся, як і многія яго сучаснікі, карцінамі швейцарскага сімваліста Арнольда Бёкліна, паддаўшыся імпульсам яго рамантычнай творчасці, асабліва ў карцінах і малюнках, што адкрываюць свет міжземнаморскіх міфаў. З сярэдзіны 90-х гадоў, як мяркуюць навукоўцы, кантакты Расіі з мастацкімі цэнтрамі Заходняй Еўропы і Скандынавіі становіліся ўсё

MP 450; Рушчыц, Фердынанд (1870-1936) (мастак); Карчма пры дарозе; 1896; алей; палатно на картоне, картон; 31,8 x 43,5

больш актыўнымі. Можна згадаць аналогіі паміж жывапісам Рушчыца і працамі Акселе Гален-Калелы і Андэрса Цорна. Ён захапляўся таксама нарвежскім імпрэсіяністам Фрыцам Талоу. Жывапіс скандынаваў Рушчыц мог убачыць як у Санкт-Пецярбургу, так і ў Вене на выставе, арганізаванай Венскай Сецэсіяй на мяжы 1901 і 1902 года. Карціны пустога таямнічага пейзажу Куінджы пакінулі ў ім выразны след, бо выдзяляліся бравурным, шырокім спосабам малявання, а сам Куінджы паглыбляў пытанні канструкцыі і парадку кампазіцыі, імкнуўся паказваць на карціне “сутнасць рэчаў”. Рушчыц падарожнічаў таксама па Еўропе, быў у Ругене, Борнхольме, Берліне, паўднёвай частцы Швецыі, Парыжы, дзе пазнаёміўся з мастацтвам Клода Манэ, а таксама ў многіх іншых еўрапейскіх гарадах. Яго карціны, заснаваныя на непасрэдным назіранні за прыродай, адначасова з’яўляюцца манументальным, суровым бачаннем паўночнага ландшафту, такія як шырокафарматная “Зямля”, шэдэўр з Нацыянальнага музея ў Варшаве, паўказачныя фантазіі з вялікім зарадам сімвалічнай алюзіі, у якіх пейзаж з’яўляецца сродкам перадачы міфічнага, паэтычнага элемента (як “Nec mergitur”, 1904-5, Літоўскі

Нацыянальны музей у Варшаве, фота

мастацкі музей, Вільня).

Зямля Рушчыц, Фердынанд (1870-1936) – мастак

Напісаная восенню 1898 г. «Зямля», якой папярэднічаюць эскізы кампазіцый, мае адносна простую кампазіцыю, падзеленую на дынамічнныя зоны пафарбаванага пахмурнага неба і цёмнай, голай, наваленай зямлі, якая засланяе гарызонт. Ствараецца ўражанне гарба, трывожнай перашкоды для зроку гледача. Гэты падзел узмацняецца кантрастам святла і цені. На сутыкненні стыхіяў – невялікая фігура сагнутага аратага, што падганяе валоў. Твор паказвае сімвалічныя адносіны чалавека з зямлёй, працу і цяжкасці селяніна, цыклічны, касмічны рытм чалавечага жыцця, а таксама гераічную барацьбу з прыродай. Ён характарызуецца вялікай экспрэсіяй, амаль брутальнай жывапіснай сілай, як пісаў пра гэта адзін расійскі крытык. Дзякуючы фатаграфіі Яна Булгака, мы ведаем, як выглядаў пейзаж у рэальнасці. Гэта быў спадзісты ўзгорак, злева пакрыты лесам, а справа – шэраг елак. Мастак, прыбіраючы дрэвы і манументалізуючы ўзгорак, адмаўляючыся ад дэталяў, выканаў пэўны сінтэз, узмацніў уражанне аб велічнасці і велічы зямлі, выйшаў па-за межы натуралізму. Мечыслаў Ліманоўскі нават сцвярджаў, што гэта рэлігійны твор, спасылаўся на грэчаскі міф, на гісторыю Дэметры і Коры, а таксама на хрысціянскую сімволіку смерці і ўваскрасення.

Ворыва – праект вокладкі La Pologne Contemporaine, выкананы Фердынандам Рушчыцам, (1870-1936) – графік

Бачылі ў ім і візуальную маніфестацыю ніцшэанскага трыумфу волі. Элігіюш Невядомскі пісаў, што «Рушчыц зрабіў цудоўную сімвалічную драму са звычайнай сцэны ворыва зямлі. Пад вялізным небам з закручанымі масамі магутных аблокаў  ціха стаіць  дугой сагнуты хрыбет Маці Карміцелькі “. Сімвалічнае значэнне карціны мастак перадаў з дапамогай жывапісных, а не літаратурных сродкаў.

Шчыльная субстанцыя зямлі, перададзеная грубым матэрыялам фарбы, здаецца практычна адчувальна цяжкай, як цяжкімі здаюцца і няроўныя аблокі, што так запаўняюць прастору карціны, ствараючы ўражанне руху, напірання неба на зямлю.

Цікава, што мастак выкарыстоўвае матыў зямлі ў некалькіх варыянтах для вокладкі парыжскай публікацыі “La Pologne Contemporaine”- гэта можа азначаць, што ён бачыў у „Зямлі” сімвал тагачаснай Польшчы.

У сваіх працах мастак дабіўся незвычайнай інтэнсіўнасці экспрэсіі метадамі кадравання: прыбліжэнне, фрагментарныя ракурсы, парушаючыя адчуванне прасторы, узнятая лінія гарызонту. Яны з’яўляюцца сведчаннем мадэрнісцкіх аперацый, накіраваных на адмаўленне глыбіні і міметычных пазіцый прадстаўлення, і падкрэсліваюць суб’ектывізм “пейзажу душы”. Тут  важны настрой, эмоцыі і рэфлексія, якія выклікае свет з’яў, а не самі з’явы.  Экспрэсіўныя характэрыстыкі мае інтэнсіўны колер і густа нанесеная фарба, дзякуючы чаму відаць энергічны рух пэндзля. Творчасць Рушчыца можна ахарактарызаваць тэрмінам “інтэнсівізм”, уведзеным у 1897 г. на старонках часопіса “Głos” крытыкам Цэзарыям Елентай, які апісвае мастацтва, якое адлюстроўвае духоўны стан мастака і выклікае эмоцыі.

Гэта часта інтымныя віды краіны дзяцінства, роднага маёнтку Багданаў, добра вядомага мастаку. Ён быў перакананы, што прыгажосць – у самым простым і блізкім. Як пісаў у Дзённіку, ён хацеў перадаць нешта “перажытае”, тое, што ёсць толькі ў нас саміх, а не ў рэчаіснасці. Рушчыц дэклараваў прывязанасць да сваёй малой радзімы.

Сярод любімых матываў мастака: старая сядзіба, сад і млын. Яны мелі не толькі вымярэнне  асабістых успамінаў, але таксама і патрыятычныя сімвалы радзімы. Менавіта такі характар мае «Лясны ручай», пачаты восенню 1898 г. і завершаны пазней, дзе паказаны фрагмент парку ля сямейнага маёнтка мастака ў Багданаве на Віленшчыне, што, паводле звестак, “быў вялікім, поўны велізарных дрэў, густых дзікіх кустоў, сонечных палянаў і згубленых сцежак і заканчваўся звілістай рэчкай у алешніку, дзе была нейкая пазасвецкая адзінота».  Таксама Рушчыца цікавіла і прырода: змена пораў года і прыродных станаў, стыхіі, элементарныя субстанцыі, неба, аблокі і зямля, марскія глыбіні і сонцастаянне. Мастак на прыкладзе японскіх творцаў дэманструе прыгажосць малых элементаў прыроды, убачаных зблізку (такіх як кроны дрэў, маленькія, дэкаратыўна стылізаваныя галінкі, ручаі). “Цесныя” кадры паказваюць адначасова “здымачны”, выпадковы погляд мастака, яго зліццё з пейзажам. На пейзажах Рушчыца часта паказана грубая зямля і голыя ствалы, якія адкідваюць доўгія цені, дэманструючы таямнічую пустэчу, момант адмірання.

Дэманструючы матэрыяльную субстанцыю прыроды, яны таксама раскрываюць яе містычны твар, здольнасць змяняцца ў адпаведнасці з цыклічным, касмічным рытмам росту, сталення, смерці і адраджэння. Яго «œuvre нагадвае нам пра рамантычную спадчыну ландшафту сімвалізму. У гэтым плане яго творчасць знаходзіцца ў дамене паўночных краінаў, дзе пейзаж становіцца не толькі сродкам мараў, настрою, але і нацыянальнага зместу.

Нацыянальны музей у Варшаве, фота

Пасля заканчэння Акадэміі Рушчыц пасяліўся ў сямейным маёнтку ў Багданаве, хаця па-ранейшаму меў кантакты з Пецярбургам, быў удзельнікам трох Вясновых выставак, у 1900 г. быў запрошаны да пастаяннага ўдзелу ў выставах «Мир искусства» – часопіса, заснаванага ў 1898 г. групай пецярбургскіх жывапісцаў і інтэлектуалаў на чале з Сяргеем Дзягілевым і Аляксандрам Бенуа. Гэта быў самы актыўны перыяд яго жывапіснай кар’еры. Тэмы Багдавана ў той час дамінавалі ў яго жывапісе.

Напрыканцы лета 1901 г. нарадзілася ідэя трыпціха, які ілюструе этапы жыцця аднаго дрэва – яблыні, як часткі замест цэлай прыроды, вечна адраджальнай сілы. Сам мастак прызнаваўся: «Магчыма, менавіта таму я і пейзажыст, што калі ў нейкі момант успрымаю вобраз прыроды ў нейкай закрытай частцы, я бачу яго ў цэлым, бачу сувязь з вялікай структурай цэлай прыроды, я не вырываю яго з тых рамак, у якія заключана цэлае. Увогуле, частка заўсёды займае мяне як частка цэлага». Хаця канцэпцыя гэтага трыпціха не была рэалізавана ў поўнай меры, у выніку атрымаліся цудоўныя «Старыя яблыні», якія адлюстроўваюць голыя, сутаргавата скручаныя галіны. Як падсумаваў творчасць мастака Зянон Пшэсмыцкі “Мірыям”: Рушчыц “уносіць у прыроду сімвалічныя элементы, пачуццё альбо імкненне да гераічнай моцы і трагічны пафас, не пазбаўлены рамантызму”. У верасні 1901 г. мастак напісаў у Дзённіку: «Малюю. Надаю яблыні нерэальны характар».

Вялікі зарад эмоцый і сімволікі нясе «Стары дом» 1903 года – драўляная сядзіба XVII стагоддзя ў Багданаве, родны дом мастака, які згарэў падчас ІІ Сусветнай вайны. Яго апісаў фатограф Ян Булгак, сябар сям’і і пастаянны госць Багданава: «Дом быў звычайны, сціплы, але вялікі, прасторны, прызначаны для камфортнага адпачынку вялікай сям’і, дамачадцаў і гасцей здалёк ад гарадской шыкоўнай цеснаты і таннай элегантнасці. Усё ў ім мела характар даўгалецця, павольна расло і трансфармавалася без шкоды для ўжо існуючых рэчаў». Просты матыў дома з ганкам, пакрытым пышнай лазой, – гэта месца, з якім звязана моцнае пачуццё самасвядомасці мастака, маніфест прыхільнасці да роднай зямлі і сямейнага маёнтку – шляхецкай сядзібы, якая з’яўляецца апорай польскасці, знакам даўгавечных традыцый і бяспекі. У той час мастак пісаў у сваім дзённіку, што палюбіў мінулае, краіну, перад якой мае абавязкі.

Від Багданава з чыгуначнага насыпу Рушчыц, Фердынанд (1870-1936) – графік

У 1900 г. Рушчыцу было прапанавана членства ў аб’яднанні польскіх мастакоў «Мастацтва», а з 1907 г. ён стаў старшынёй гэтага аб’яднання.  Рушчыц паспяхова выстаўляўся ў Таварыстве «Zachętа» ў Варшаве; як выкладчык, быў звязаны з Варшаўскай школай выяўленчых мастацтваў, якую ён, у прыватнасці, заснаваў са Стаброўскім і Кжыжаноўскім. Пасля некалькіх гадоў, праведзеных у Варшаве (1904-07), ён узначаліў кафедру пейзажа (1907-08) Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Кракаве. Кракаў Рушчыц прамяняў на Вільню, куды пераехаў у 1908 г. Потым пакінуў алейны жывапіс, прысвяціўшы сябе арганізацыйна-педагагічнай дзейнасці, маляваў віленскія матывы, ставіў тэатральныя пастаноўкі, праектаваў вокладкі, плакаты, маркі і віньеткі, ствараў графічныя альманахі. Усведамляючы важнасць слядоў мінулага для нацыянальнай ідэнтычнасці, што пацвярджаецца запісамі ў яго дзённіку, Рушчыц збіраў гістарычныя рэчы і дакументы, наведваў помнікі, руіны замкаў, праваслаўныя і каталіцкія старыя храмы; браў удзел у дзейнасці рэстаўратарскіх камісій, быў адданым грамадскім дзеячам, друкаваў артыкулы пра Віленшчыну. Як сцэнограф, ён ставіў вялікія рамантычныя творы польскіх нацыянальных паэтаў, спасылаючыся на славянскае мінулае – “Ліла Венеду” ці “Баладыну” Юліуша Славацкага, п’есы Станіслава Выспяньскага, займаўся праектаваннем плакатаў і прыкладной графікай. Рушчыц таксама выконваў абавязкі першага дэкана факультэта выяўленчых мастацтваў Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні.

Агнешка Расалес Радрыгес (Нацыянальны музей у Варшаве)

a

Tue ‒ Thu: 09am ‒ 07pm
Fri ‒ Mon: 09am ‒ 05pm

Adults: $25
Children & Students free

673 12 Constitution Lane Massillon
781-562-9355, 781-727-6090