
„НУДНАЕ” ВОБЛАКА
У дзённіку мастака, поўны горычы запіс ад 20 студзеня 1903 г.:
Пошта прынесла ў нумары «Тыгодніка» меркаванне Ярашынскага пра маё «Воблака». Калі ў Кракаве яна знайшла мала прыхільнікаў, то ў Варшаве, здаецца, ніводнага. Там хто-небудзь увогуле зразумеў, што я маю на ўвазе?
Гаворка ідзе пра выказванне вядомага мастацтвазнаўцы Тадэвуша Ярашынскага пра карціну, выстаўленую Рушчыцам у Салоне ў Варшаве. Ён пісаў наступнае:
… сапраўды цяжка зразумець, што выбітны мастак хацеў выказаць праз гэты твор, бо ён нецікавы як кампазіцыя, непрыемны ў лініях, непрыгожы як супастаўленне каляровых плямаў і не займальны з пункту гледжання настрою, бо паказвае круглую, белую, але цяжкую хмару на фоне цёмна-сіняга неба і цёмную масу, падобную на нейкія скалы, якую вянчае зялёны пагорак …
Цяжка пярэчыць, што такая ацэнка твора магла б, з аднаго боку, адвярнуць ад яго ўвагу тагачаснай і пазнейшай аўдыторыі, а з іншага боку, даставіць мастаку шмат непрыемнасцей. Тым больш, што ён разлічваў на продаж і значны прыбытак. Калі ўважліва прыглядзімся да карціны, то можам ацаніць, ці меркаванне, выказанае Ярашынскім, правільнае, ці яно павінна быць уключана ў шэраг шматлікіх памылак, дапушчаных крытыкамі ў гісторыі мастацтва.
Творчасць Рушчыца часцей за ўсё інтэрпрэтавалася сучаснікамі (а за імі ідуць таксама сучасныя даследчыкі яго жывапісу) як зварот да ідэі роднага краю, да нацыянальнай ідэі. А на карціне (сёння яна захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве) Фердынанд Рушчыц цалкам адышоў ад гэтай схемы. Тут мы маем справу з творам, які адышоў ад любога зместу. Разумеючы, што такое меркаванне спадабаецца не ўсім, варта сказаць, што «Воблака» – гэта карціна, якая набліжаецца да абстракцыі. Працэс спрашчэння прадстаўленых ландшафтных элементаў, гэта значыць травяністы пагорак, цёмны куст, блакітнае неба і белае сферычнае воблака, прыводзіць толькі да вельмі прыблізнага падабенства. Больш таго, у гэтай працы мастак не паказваў – як сцвярджаюць эксперты гэтай тэмы – ніякіх аб’ектаў, вядомых з іншых яго карцін. Ніводны элемент гэтай карціны не падобны да вёсак з ваколіц яго сямейнага маёнтка, якія ён звычайна маляваў.
Палатно падзелена на дзве часткі, у ніжняй – што займае каля чвэрці паверхні – мы бачым узгорак, пакрыты жаўтавата-зялёнай травой, дзякуючы чаму жывапісец паўтарае свой любімы кампазіцыйны прыём, канцэнтруючы наш пункт гледжання крыху ніжэй карціны. Здавалася б, мы глядзім уверх, атрымліваючы больш прасторную кампазіцыю. Гэтае ўражанне ўзмацняе – прыём таксама часта выкарыстоўваўся – выпуклая формай зялёнай палоскі травы.
На другой частцы палатна вылучаюцца дзве формы інтэнсіўных колераў: адна намалявана чорнай фарбай, і яна выразна вылучаецца на блакітным фоне. Другая, таксама круглая, вытрымана ў бліскучых адценнях белага. Кантраст двух шароў – чорнага і белага, размешчаных на адным блакітным фоне, робіць малюнак з аднаго боку больш прасторным, а з другога – надае пэўны трывожны настрой. Белая форма, несумненна, з’яўляецца хмарай з назвы карціны. Некалькі дыяганальных белых слядоў на сінім фоне завяршаюць кампазіцыю.
На першы погляд нам здаецца, што мы бачым чарговы, тыповы для Рушчыца, пейзаж, але на самой справе карціна наўрад ці супадае з нашым натуральным поглядам на свет. Ці зялёная паласа гэта ўзараная зямля, трава, а можа ўжо скошанае сена? Тут гледача бянтэжыць гэтая цёмная форма. Гэта дрэвы, ці кусты, будынак, ці, можа, стог сена? Мы не можам распазнаць пару года, прадстаўленую на карціне (што звычайна можна зрабіць беспамылкова), не ведаем мы і час сутак.
Як бачна, кожны наступны крок не толькі не дае нам адназначных адказаў, а толькі выклікае яшчэ большую дэзарыентацыю. Мы можам паўтарыць словы Ярашынскага: “гэта сапраўды цяжка зразумець“.
Ганна Цымер піша пра карціну:
У другой палове XIX стагоддзя ў польскім жывапісе адбылося шмат пераменаў, адной з якіх стала ўзнікненне новай формы пейзажу. Цяпер гэта было ўжо не проста рэалістычнае адлюстраванне існуючага месца, запіс рэчаіснасці, гэта стала падставай для своеасаблівай гульні з формай, для мастацкай экспрэсіі, для эксперыментаў з колерамі, адценямі і фактурамі. Больш таго, дзякуючы аўтарскай інтэрпрэтацыі пейзажа жывапісцы расказвалі пра эмоцыі, хаваючы ў ім сімвалы і метафары. Гэтыя перамены, вядома, былі звязаны з рэвалюцыяй, якая адбылася ў заходнім жывапісе – польскія мастакі ведалі дасягненні імпрэсіяністаў і сімвалістаў, яны ішлі за гэтымі вялікімі зменамі. Аднак на польскую глебу гэтыя перамены не перайшлі непасрэдна, іх творча апрацавалі, а не скапіравалі.
“Воблака” Фердынанда Рушчыца з’яўляецца выразным адлюстраваннем гэтых пераменаў, а апублікаваная ў “Tygodnik Ilustrowany” рэцэнзія паказвае, што можа нават занадта выразным. Бо хаця ў “новых” пейзажах на першы погляд банальныя кадры і не вельмі прывабныя віды ўжо былі прымальнымі, гледачы, відавочна, не былі гатовымі да такой мінімалісцкай кампазіцыі. Белае воблака, якое гоніць вецер, некалькі дрэваў ці кустоў і хвалістая трава – гэта кампазіцыя на мяжы абстракцыі!
Не гледзячы на далёка ідучыя спрашчэнні, гэта, аднак, не зусім абстрактная праца (магчыма, гэта нават не самая абстрактная з карцін Фердынанда Рушчыца), але ў гэтай карціне ёсць прадвеснік двух вельмі важных тэндэнцый у мастацтве: мы бачым жывапіс «сам па сабе», таму ідэальны, амаль набліжаны да адмовы ад зместу. Але мастак дзейнічае чыста мастацкімі прыёмамі. Напрыклад, у гэтай кампазіцыі выкарыстоўваецца эфект «супраць святла», што было адным з прыёмаў, якімі ахвотна карыстаўся Рушчыц. У выніку прастора карціны становіцца цямнейшай, але не губляе выразнасці. Таксама варта адзначыць, што кампазіцыя становіцца больш сінтэтычнай і дэкаратыўнай. Што дазваляе мастаку дасягнуць іншага эфекту.
І гэта шырокая інтэрпрэтацыйная сетка твора. Карціна не з’яўляецца мнагазначнай ў тым сэнсе, што яе нельга зразумець, яна мнагазначная, бо дазваляе адкрыць мноства розных сімвалаў, заключаных у творы.
Таму сутыкаючыся з пытаннем, ці гэтая праца Рушчыца проста няўдалая і нудная, трэба даць адназначна адмоўны адказ. Гэта праца, якую проста не зразумелі. Прастата формы дазваляе нам сцвярджаць, што, хаця Рушчыц і ставіць перад гледачом ідэю зямлі і сілы прыроды, сам ён не зусім упэўнены, у якім кірунку пайдуць яго мастацкія шляхі.
На жаль, мы так і не даведаліся, якія былі магчымасці. На пачатку ХХ стагоддзя Фердынанд Рушчыц скончыў сваю мастацкую кар’еру і прысвяціў сябе выключна выхаванню маладых мастакоў.